Пс 81
Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Асафа.
Весяліцеся перад Богам моцы нашай; радасна гукайце Богу Якубаваму!
Пачніце сьпяваньне, вазьміце бубны, гусьлі мілагучныя і псалтыр.
Дзьміце ў трубу ў маладзік, у поўню, у дзень нашага сьвята,
бо гэткая пастанова у Ізраілі, закон Бога Якубавага.
Ён паставіў гэта на сьведчаньне для Язэпа, калі выводзіў з зямлі Эгіпецкай, і мы пачулі мову, якой ня ведалі:
“Я прыбраў цяжар з плячэй ягоных, рукі ягоныя вольныя ад кашоў.
У бядзе ты паклікаў Мяне, і Я выратаваў цябе; адказаў табе з-за заслоны грымотаў, выспрабаваў цябе пры водах Мэрыбы. (Сэлях)
Слухай, народзе Мой! Я буду сьведчыць супраць цябе, Ізраіль, каб ты паслухаў Мяне,
10  і не было ў цябе бога чужога, і не пакланяўся ты богу чужынцаў!
11  Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай! Расчыні шырока вусны твае, і Я напоўню іх.
12  Ды народ Мой не паслухаў голасу Майго, і Ізраіль ня быў паслухмяны Мне.
13  Дык Я пакінуў іх закамянеласьці сэрца іхняга, і яны хадзілі паводле намераў сваіх.
14  О, калі б народ Мой паслухаў Мяне, калі б Ізраіль хадзіў шляхамі Маімі,
15  Я б неўзабаве ўпакорыў ворагаў іхніх, і супраць прыгнятальнікаў іхніх павярнулася б рука Мая.
16  Тыя, што ГОСПАДА ненавідзяць, падпарадкаваліся б ім, а шчасьце іхняе трывала б на вякі.
17  І Я карміў бы іх з тлустасьці пшаніцы, мёдам са скалы насычаў бы іх”.