Пс 79
1  Псальм Асафа. Божа, пагане ўвайшлі ў спадчыну Тваю, апаганілі сьвятыню Тваю сьвятую, Ерусалім ператварылі ў купу друзу .
2  Трупы слугаў Тваіх аддалі на ежу птушкам нябесным, целы багабойных Тваіх — зьвярам зямным.
3  Вылілі кроў іхнюю, як ваду, вакол Ерусаліму, і не было каму іх хаваць.
4  Мы сталіся ганьбаваньнем для суседзяў нашых, кпінамі і насьмешкамі для тых, што навокал нас.
5  Як доўга, ГОСПАДЗЕ? Ці будзеш гневацца заўсёды? Ці як агонь будзе палаць рэўнасьць Твая?
6  Вылі ярасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на валадарствы, якія імя Твайго ня клічуць,
7  бо зжэрлі Якуба і жытло ягонае спустошылі.
8  Ня ўзгадвай нам беззаконьняў ранейшых; няхай чым хутчэй сустрэне нас літасьць Твая, бо вельмі мы зьнемагліся.
9  Дапамажы нам, Божа збаўленьня нашага, дзеля славы імя Твайго; выратуй нас і даруй грахі нашыя дзеля імя Твайго!
10  Навошта казаць паганам: “Дзе Бог іхні?” Няхай на паганах, у нас на вачох, вядомай станецца помста за кроў слугаў Тваіх, што праліта!
11  Няхай дойдуць перад аблічча Тваё стогны вязьняў! Паводле вялікасьці рамяна Твайго пакінь [пры жыцьці] сыноў, сказаных на сьмерць.
12  І нашым суседзям вярні сямікротна ў грудзі іхнія зьнявагу іхнюю, якой яны, Госпадзе, Цябе зьневажалі!
13  А мы, Твой народ і авечкі чарады Тваёй, будзем славіць Цябе вечна і з пакаленьня ў пакаленьне будзем абвяшчаць хвалу Тваю.