Пс 7
Лямант Давіда, які засьпяваў ён ГОСПАДУ з прычыны Куша, сына Бэн’яміна.
ГОСПАДЗЕ, Божа мой! У Табе маю надзею! Збаў мяне ад усіх перасьледвальнікаў маіх і вызваль мяне,
каб ня ўзяў, быццам леў, душы маёй і не разарваў мяне, калі няма каму ратаваць!
ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Калі я ўчыніў гэткае, калі ёсьць беззаконьне ў руках маіх,
калі зло я зрабіў таму, хто жыў са мной мірна, і не ратаваў таго, хто ўціскаў мяне без прычыны,
тады няхай перасьледуе вораг душу маю і дагоніць, няхай ўтопча ў зямлю жыцьцё маё і славу маю кіне ў пыл! (Сэлях)
Паўстань, ГОСПАДЗЕ, у гневе Тваім! Узьніміся супраць лютасьці тых, што ўціскаюць мяне! Збудзіся, Божа мой, на суд, які Ты прызначыў!
І зьбярэцца сход народаў вакол Цябе, і Ты зьвернешся да іх з вышыні.
ГОСПАДЗЕ, асудзі народы. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, паводле праведнасьці маёй і паводле беззаганнасьці маёй, што ёсьць у-ва мне!
10  Няхай счэзьне ліхота бязбожнікаў, але ўмацуй праведнага, Ты, Які выспрабоўваеш сэрцы і ныркі, Божа Праведны!
11  Шчыт мой у Бога, Які збаўляе шчырых сэрцам,
12  у Бога, Які судзіць праведнага, і ў Бога, Які гневаецца штодзень [на бязбожніка].
13  Калі той не навернецца, Ён вострыць Свой меч, нацягнуў Свой лук і прыгатаваў,
14  і паклаў на яго прылады сьмерці, стрэлы Свае Ён робіць распаленымі.
15  Вось, [бязбожнік] зачаў злачынства, і цяжарны ліхоцьцем, і народзіць хлусьню.
16  Яму капаў ён і выкапаў, і сам уваліцца ў дол, што зрабіў.
17  Ліхоцьце зьвернецца на галаву ягоную, і на цемя ягонае зыйдзе няправасьць ягоная.
18  Буду славіць ГОСПАДА паводле праведнасьці Ягонай і выслаўляць імя ГОСПАДА Найвышэйшага.