Пс 67
1  Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм. Сьпеў.
2  Божа, зьлітуйся над намі і дабраславі нас; асьвяці нас абліччам Тваім, (Сэлях)
3  каб на зямлі мы пазналі шлях Твой, між усімі народамі — збаўленьне Тваё.
4  Тады будуць славіць народы Цябе, Божа, будуць славіць Цябе ўсе народы.
5  Будуць весяліцца і радавацца ўсе народы, бо Ты будзеш судзіць народы справядліва і будзеш весьці народы на зямлі. (Сэлях)
6  Тады будуць славіць народы Цябе, Божа, будуць славіць Цябе ўсе народы.
7  Зямля дасьць ураджай свой; няхай дабраславіць нас Бог, Бог наш!
8  Няхай дабраславіць нас Бог і няхай баяцца Яго ўсе канцы зямлі!