Пс 63
1  Псальм Давіда, калі ён быў у пустыні Юдэйскай.
2  Божа! Ты — Бог мой! Цябе я шукаю, Цябе прагне душа мая, па Табе тужыць цела маё ў сухой і спрагнёнай зямлі, на бязводзьдзі.
3  Гэтак я ўглядаўся на Цябе ў сьвятасьці Тваёй, каб убачыць моц Тваю і славу Тваю.
4  Бо міласэрнасьць Твая лепшая за жыцьцё; вусны мае хваліць Цябе будуць.
5  Гэтак буду я дабраслаўляць Цябе ў жыцьці маім, у імя Тваё буду рукі мае ўзьнімаць.
6  Быццам тлушчам і тлустасьцю насычаецца душа мая, і сьпевам хвалы будуць хваліць Цябе вусны мае,
7  калі я на ложку маім пра Цябе ўспамінаю, калі ў часе варты [начной] пра Цябе разважаю.
8  Бо Ты быў успамогай мне, і ў ценю крылаў Тваіх буду весяліцца.
9  Прыляпілася да Цябе душа мая, падтрымлівае мяне правіца Твая.
10  А тыя, што шукаюць загубы душы маёй, пойдуць у глыбіні зямлі,
11  будуць аддадзены яны ў рукі мяча, стануцца здабычай шакалаў.
12  І валадар узрадуецца ў Богу; і будзе хваліцца кожны, хто Ім прысягае, бо будуць заткнёныя вусны таго, хто гаворыць хлусьню.