Пс 42
1  Кіраўніку хору. Навучаньне сыноў Караха.
2  Як лань прагне вады з ручая, так душа мая, Божа, прагне Цябе!
3  Душа мая прагне Бога, Бога Жывога! Калі ж я прыйду і ўбачу Божае аблічча?
4  Сьлёзы мае былі хлебам маім дзень і ноч, калі да мяне гаварылі цэлы дзень: “Дзе Бог твой?”
5  Успамінаючы гэта, я душу маю выліваю, бо хадзіў я ў грамадзе шматлюднай, вядучы яе ў дом Божы з голасам радасьці і падзякі мноства сьвяточнага.
6  Чаму ты сумуеш, душа мая? Чаму ў-ва мне ты трывожышся? Спадзявайся на Бога, бо яшчэ будзеш славіць Яго, збаўленьне аблічча майго і Бога майго.
7  Душа сумуе ў-ва мне; дык з зямлі Ярданскае, з гор Гермону, з гары Міцар Цябе ўспамінаю.
8  Бяздоньне гукае бяздоньню пры шуме Тваіх вадаспадаў; усе воды Твае і ўсе хвалі Твае прайшлі праз мяне.
9  Удзень ГОСПАД зьявіць міласэрнасьць Сваю, а ўначы сьпеў Ягоны будзе са мною, малітва да Бога жыцьця майго.
10  Да Бога кажу я: “Скала мая! Чаму Ты забыўся пра мяне? Чаму я ў суме хаджу ад уціску ворагаў?”
11  Як рана ў костках маіх, зьневажалі мяне ворагі мае, гаворачы мне цэлы дзень: “Дзе Бог твой?”
12  Чаму ты сумуеш, душа мая? Чаму ў-ва мне ты трывожышся? Спадзявайся на Бога, бо яшчэ будзеш славіць Яго, збаўленьне аблічча майго і Бога майго!