Пс 28
Давіда. Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, я клічу. Скала мая, не маўчы на мой [кліч], каб праз маўчаньне Тваё ня стаўся я падобным да тых, што зыходзяць у магілу.
Пачуй голас маленьня майго, калі я галашу да Цябе, калі ўзьнімаю рукі мае да давіру сьвятыні Тваёй.
Не цягні мяне [да загубы] разам з бязбожнікамі і злачынцамі, якія кажуць: “Супакой” бліжнім сваім, а ў сэрцах сваіх ліхое [маюць].
Дай ім паводле справаў іхніх і паводле ліхоты ўчынкаў іхніх; паводле таго, што рабілі рукі іхнія, дай ім; аднагародзь ім за тое, што зрабілі яны.
Бо яны не разумеюць справаў ГОСПАДА і ўчынкаў рук Ягоных, дык Ён зруйнуе іх і не адбудуе.
Дабраслаўлёны ГОСПАД, бо Ён пачуў голас маленьня майго.
ГОСПАД — моц мая і шчыт мой; на Яго спадзявалася сэрца маё, і Ён дапамог мне; і ўзрадавалася сэрца маё, і сьпевам маім буду славіць Яго.
ГОСПАД — моц для нас; Ён — апора збаўленьня памазанца Ягонага.
Збаў народ Твой і дабраславі спадчыну Тваю; пасьві іх і ўзьнімі іх на вякі.