Пс 19
1  Кіраўніку хору. Псальм Давіда.
2  Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, і прасьцяг апавядае пра творы рук Ягоных.
3  Дзень дню пераказвае вестку, і ноч ночы выказвае веданьне.
4  Бяз гуку, бяз словаў, ня чутны голас іх.
5  Па ўсёй зямлі разыходзіцца гучаньне іхняе, а мова іхняя — да краю сусьвету. На іх Ён паставіў намёт для сонца,
6  і яно як жаніх выходзіць з пакою свайго, яно радасна гукае, як волат, калі прабег сьцяжыну сваю.
7  Ад краю неба выходзіць яно і бяжыць да краю яго, і нішто ня схаваецца ад гарачыні ягонай.
8  Закон ГОСПАДАЎ беззаганны, ён навяртае душу. Сьведчаньне ГОСПАДА вернае, яно робіць мудрым неразумнага.
9  Загады ГОСПАДА слушныя, яны радуюць сэрца. Прыказаньне ГОСПАДАВА чыстае, яно прасьвятляе вочы.
10  Страх перад ГОСПАДАМ чысты, ён будзе трываць вечна. Суды ГОСПАДАВЫ праўдзівыя, а таксама справядлівыя.
11  Яны больш пажаданыя, чым золата, больш, чым золата найчысьцейшае, і саладзейшыя за мёд і мёд сотавы.
12  І слуга Твой праз іх будзе навучаны; хто захоўвае іх, [будзе мець] нагароду вялікую.
13  Хто зразумее памылкі свае? Ад схаваных [грахоў] дай мне пазьбегнуць пакараньня!
14  І трымай далёка слугу Твайго ад свавольства, няхай яно нада мною не пануе. Тады я буду беззаганны і ня буду мець пакараньня за правіну вялікую.
15  Няхай словы вуснаў маіх і разважаньні сэрца майго будуць даспадобы Табе, ГОСПАДЗЕ, Скала мая і Абаронца мой!