Пс 17
1  Малітва Давіда. Пачуй, ГОСПАДЗЕ, справядлівасьць [маю], зваж на галашэньне маё, прыхілі вуха да малітвы маёй з вуснаў нефальшывых!
2  Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае бачаць, што справядліва.
3  Ты выспрабаваў сэрца маё, уначы адведаў і ачысьціў мяне, і не знайшоў нічога; думкі ліхія ня выйшлі з вуснаў маіх.
4  У справах чалавечых паводле слова вуснаў Тваіх я высьцерагаўся сьцежкаў гвалту,
5  крокі мае трымаліся каляінаў Тваіх, стопы мае не хісталіся.
6  Да Цябе я гукаю, бо Ты, Божа, адкажаш мне. Прыхілі вуха Тваё да мяне, пачуй словы мае!
7  Зьяві міласэрнасьць Тваю, Збаўца тых, якія да правіцы Тваёй уцякаюць ад тых, што паўсталі [на іх].
8  Захавай мяне, як зрэнку вока, у цяню крылаў Тваіх схавай Ты мяне
9  ад бязбожнікаў, якія руйнуюць мяне, ад ворагаў душы маёй, якія атачылі мяне.
10  Тлушчам сваім яны закрылі сябе, вуснамі сваімі яны пыхліва гавораць.
11  На кожным кроку цяпер яны нас абступаюць; вочы свае скіравалі, каб нас кінуць на зямлю.
12  Яны падобныя да ільва, які прагне здабычы, і да львяняці, якое ў засадзе ляжыць.
13  Паўстань, ГОСПАДЗЕ! Выйдзі супраць аблічча ягонага, павалі Ты яго! Мячом Тваім выратуй душу маю ад бязбожніка,
14  ад сьмяротных [людзей] — Тваёй рукой, ГОСПАДЗЕ, ад сьмяротных [людзей] веку гэтага. Частка іхняя – ў гэтым жыцьці, і чэрава іхняе Ты са скарбніцы Тваёй напаўняеш, яны насычаюць сыноў сваіх, і лішак свой пакідаюць дзецям сваім.
15  А я ў праведнасьці ўбачу аблічча Тваё, абудзіўшыся, насычуся вобразам Тваім.