Пс 144
Давіда. Дабраслаўлёны ГОСПАД, скала мая, Які навучае рукі мае барацьбе, і пальцы мае — змаганьню.
Міласэрнасьць для мяне і замчышча маё, умацаваны замак мой і Збаўца для мяне, шчыт мой, Той, у Якім маю надзею, Ён народ мой мне паддае!
ГОСПАДЗЕ, што ёсьць чалавек, што Ты ведаеш яго, і сын чалавечы, што Ты думаеш пра яго?
Чалавек падобны да марнасьці; дні ягоныя — быццам цень, што мінае.
ГОСПАДЗЕ, нахілі неба Тваё і зыйдзі, дакраніся да гор, і яны запалаюць!
Блісьні маланкай і расьцяруш іх, пусьці стрэлы Твае і пражані іх!
Выцягні з вышыні руку Тваю, вызвалі мяне і выратуй мяне з водаў вялікіх, з рукі сыноў чужынскіх,
вусны якіх гавораць марнае, а правіца іхняя — правіца хлусьні.
Божа, я новы сьпеў буду сьпяваць для Цябе, на псалтыры дзесяціструнным буду граць Табе,
10  бо Ты даеш выратаваньне валадару, і выбаўляеш Давіда, слугу Твайго, ад мяча злыдня!
11  Выбаў мяне і выратуй мяне ад рукі сыноў чужынскіх, вусны якіх гавораць марнае, а правіца іхняя — правіца хлусьні.
12  Няхай будуць сыны нашыя, быццам саджанцы, якія разрастаюцца ў маладосьці сваёй; дочкі нашыя — быццам слупы вуглавыя, якія высечаны паводле ўзору сьвятыні.
13  Сьпіжарні нашыя няхай будуць поўныя, каб задаволіць любыя патрэбы, ўсялякія патрэбы; няхай у тысячу разоў памножацца авечкі нашыя на вуліцах нашых.
14  Валы нашыя няхай будуць тлустыя, няхай ня будзе вылому, ані страты, ані ляманту на плошчах нашых!
15  Шчасьлівы той народ, у якога гэтак дзеецца! Шчасьлівы той народ, у якога ГОСПАД ёсьць Бог ягоны!