Пс 139
Кіраўніку хору: Давіда. Псальм. ГОСПАДЗЕ, Ты дасьледаваў мяне і ведаеш [мяне].
Ты ведаеш, калі я сядаю і калі я ўстаю; разумееш думку маю здалёк.
Сьцежку маю і ляжаньне маё Ты спазнаў, і ўсе шляхі мае Табе вядомыя.
Бо няма яшчэ словаў на языку маім, а Ты, ГОСПАДЗЕ, ведаеш усё.
Ззаду і сьпераду Ты абняў мяне і паклаў на мяне руку Тваю.
Надзвычай дзівоснае веданьне, перавышае мяне, не магу яго сьцяміць!
Куды мне ісьці ад Духа Твайго і ад аблічча Твайго куды ўцячы?
Калі б я ўзыйшоў на неба, Ты там; калі б паслаў сабе [ложак] ў пекле, — вось, [і там] Ты!
Калі б я ўзяў крылы сьвітаньня, калі б пасяліўся на канцы мора,
10  там таксама рука Твая вадзіла б мяне, і трымала б мяне правіца Твая.
11  Калі б я сказаў: “Няхай цемра пакрые мяне, і ноччу няхай станецца сьвятло вакол мяне”,
12  дык і цемра ня будзе цёмнай для Цябе, і ноч заясьнее, як дзень; цемра, як сьвятло.
13  Бо Ты ўтварыў ныркі мае, выткаў мяне ва ўлоньні маці маёй.
14  Слаўлю Цябе, бо я захапляльна і дзівосна збудаваны; цудоўныя справы Твае, і душа мая ведае добра.
15  Не былі схаваныя косткі мае перад Табою, калі я кшталтаваўся пад заслонай, быў вытканы ў глыбінях зямлі.
16  Зародак мой бачылі вочы Твае; і ў кнізе Тваёй запісаны ўсе дні, што былі вызначаны, калі яшчэ ніводнага з іх не было.
17  Якія каштоўныя для мяне думкі Твае, Божа, якая вялікая безьліч іх!
18  Лічу іх, але іх больш, чым пяску. Я буджуся, і я ўсьцяж з Табою.
19  Калі б Ты, Божа, забіў бязбожніка, тады людзі крывавыя адыйдуць ад мяне.
20  Яны гавораць супраць Цябе зламыснае; дарэмна робяць сябе ворагамі Тваімі.
21  Ці ж ня мушу я ненавідзець тых, што ненавідзяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, і брыдзіцца тымі, што супраць Цябе паўстаюць?
22  Нянавісьцю поўнай я іх ненавіджу, яны сталіся ворагамі для мяне.
23  Дасьледуй мяне, Божа, і спазнай сэрца маё, выспрабуй мяне і спазнай думкі мае!
24  І паглядзі, ці не на гаротным я шляху, і шляхам вечнасьці вядзі мяне.