Пс 118
1  Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!
2  Няхай скажа Ізраіль, што на вякі міласэрнасьць Ягоная!
3  Няхай скажа дом Ааронавы, што на вякі міласэрнасьць Ягоная!
4  Няхай скажуць тыя, што баяцца ГОСПАДА, што на вякі міласэрнасьць Ягоная!
5  У муках клікаў я ГОСПАДА, і Ён адказаў мне, Госпад [вывеў мяне] на вольны прастор.
6  ГОСПАД са мною, я не баюся. Што зробіць мне чалавек?
7  ГОСПАД са мною, Ён — дапамога мая, і я буду глядзець [на загубу] тых, што мяне ненавідзяць.
8  Лепш мець надзею на ГОСПАДА, чым спадзявацца на чалавека.
9  Лепш мець надзею на ГОСПАДА, чым спадзявацца на магнатаў.
10  Усе народы мяне абступілі, але імем ГОСПАДА я зьнёс іх.
11  Абступілі мяне, абступілі, але імем ГОСПАДА я зьнёс іх.
12  Абселі мяне, быццам пчолы, і згарэлі яны, як агонь з цярніны, бо імем ГОСПАДА я зьнёс іх.
13  Пхаючы, папхнулі мяне, каб я ўпаў, але ГОСПАД дапамог мне.
14  ГОСПАД — моц мая і песьня мая, Ён стаўся збаўленьнем маім.
15  Голас радасьці і збаўленьня — у намётах праведнікаў. Правіца ГОСПАДА зьявіла сілу.
16  Правіца ГОСПАДА ўзьнесена, правіца ГОСПАДА зьявіла сілу.
17  Не памру, але буду жыць і буду абвяшчаць пра дзеяньні ГОСПАДА.
18  Караючы, пакараў мяне ГОСПАД, але сьмерці мяне не аддаў.
19  Адчыніце мне брамы праведнасьці; я ўвайду праз іх і буду славіць ГОСПАДА.
20  Вось брама ГОСПАДАВА; праведнікі ўвойдуць праз яе.
21  Буду славіць Цябе, бо Ты адказаў мне і стаўся збаўленьнем маім!
22  Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла.
23  Ад ГОСПАДА гэта сталася і [гэта] цуд у вачах нашых!
24  Вось дзень, які стварыў ГОСПАД; будзем весяліцца і радавацца ў ім!
25  Прашу, ГОСПАДЗЕ, збаў цяпер! Прашу, ГОСПАДЗЕ, дай посьпех цяпер!
26  Дабраслаўлёны той, хто прыходзіць у імя ГОСПАДА; мы дабраслаўляем вас з дому ГОСПАДАВАГА.
27  ГОСПАД ёсьць Бог, Ён асьвятліў нас; прывяжыце вяроўкамі сьвяточную [ахвяру] да рагоў ахвярніку!
28  Ты —Бог мой, Цябе я буду славіць, Цябе, Божа мой, вывышаць!
29  Слаўце ГОСПАДА, бо Ён — добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!