Пс 114
1  Калі выходзіў Ізраіль з Эгіпту, дом Якуба з народу чужацкага,
2  стаўся Юда сьвятыняй Ягонай, Ізраіль — [месцам] панаваньня Ягонага.
3  Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан павярнуў назад.
4  Горы скакалі, быццам бараны, узгоркі — быццам ягняты.
5  Што табе, мора, што ты ўцякло? Ты, Ярдане, што павярнуў назад?
6  Што вы скачаце, горы, быццам бараны, узгоркі — быццам ягняты?
7  Перад абліччам Госпада задрыжэла зямля, перад абліччам Бога Якубавага,
8  Які перамяняе скалу ў возера воднае, крамень — у крыніцу водаў.