Пс 11
Кіраўніку хору. Давіда. У ГОСПАДЗЕ маю надзею. Чаму вы кажаце душы маёй: “Уцякаючы, уцякай на горы вашыя, як птушка?”
Бо вось, бязбожнікі нацягнулі лук, палажылі стралу сваю на цяціве, каб упоцемках страляць у правых сэрцам.
Калі падмуркі будуць раскіданыя, што зробіць праведнік?
ГОСПАД у сьвятой сьвятыні Сваёй; пасад ГОСПАДА ў небе, вочы Ягоныя бачаць, павекі Ягоныя выпрабоўваюць сыноў чалавечых.
ГОСПАД выпрабоўвае праведніка, але бязбожніка і таго, які любіць няправасьць, ненавідзіць душа Ягоная.
Дажджом спашле Ён пасткі на бязбожнікаў; агонь, і серка, і вецер палючы будуць часткаю келіха іхняга,
бо ГОСПАД праведны і любіць праведнасьць; правыя будуць бачыць аблічча Ягонае.