Разьдзел 20
Віно зьдзеклівае, сікера галасьлівая, і кожны, хто блукае з імі, ня мае мудрасьці.
Ярасьць валадара — як рыканьне ільва, хто выклікае яе, грашыць супраць душы сваёй.
Слава для чалавека — пакінуць спрэчку, а ўсе неразумныя задзірлівыя.
Дзеля холаду гультай ня хоча араць, таму будзе прасіць у час жніва, і [не атрымае] нічога.
Намеры ў сэрцы чалавека — глыбокія воды, але разумны чалавек вычэрпвае іх.
Багата людзей абвяшчае пра міласэрнасьць сваю, але праўдамоўнага чалавека хто можа знайсьці?
Праведнік ходзіць у беззаганнасьці сваёй, шчасьлівыя сыны ягоныя пасьля яго.
Валадар, які сядзіць на судовым пасадзе, расьцярушвае вачыма сваімі ўсякую ліхоту.
Хто можа сказаць: «Я ачысьціў сэрца маё, я чысты ад грэху майго»?
10  Неаднолькавыя вагі і неаднолькавая эфа, адно і другое — агіда для ГОСПАДА.
11  Нават у юнака па паводзінах можна зразумець, ці чыстыя, ці правыя справы ягоныя.
12  Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць, — ГОСПАД зрабіў і адно, і другое.
13  Не любі спаць, каб табе не зьбяднець, адкрый вочы свае, і насыцішся хлебам.
14  «Дрэннае, дрэннае», — кажа пакупнік, а калі адыдзецца, тады хваліцца.
15  Ёсьць золата і мноства пэрлінаў, але найкаштоўнейшая рэч — вусны разумныя.
16  Забяры адзеньне яго, бо ён паручы?ўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго.
17  Салодкі чалавеку хлеб ашуканства, але потым пяском напоўняцца вусны ягоныя.
18  Думкі ўмацоўваюцца парадамі, і з разважлівасьцю вядзі вайну.
19  Хто ходзіць абмоўнікам, той выяўляе таямніцы, дык ня зьвязвайся з тым, хто рот свой разьзяўляе.
20  Хто кляне бацьку свайго і маці сваю, у таго сьветач патухне сярод глыбокай цемры.
21  Спадчына, спачатку пасьпешліва здабытая, ня будзе пры канцы дабраслаўлёная.
22  Не кажы: «Я адплачу за зло», спадзявайся на ГОСПАДА, і Ён вы?бавіць цябе.
23  Агіда для ГОСПАДА — неаднолькавыя вагі, і шалі падманлівыя — ня добра.
24  Ад ГОСПАДА крокі чалавека, і як жа чалавеку зразумець шлях свой?
25  Пастка для чалавека — пасьпешліва зрабіць шлюбаваньне, а пасьля абяцаньня разважаць.
26  Мудры валадар расьцярушыць бязбожнікаў і зьверне на іх кола [малатарнае].
27  Сьветач ГОСПАДАЎ — дух чалавечы, ён дасьледуе ўсе сховы нутра.
28  Міласэрнасьць і праўда ахоўваюць валадара, і міласэрнасьцю ўмацоўваецца пасад ягоны.
29  Слава юнакоў — сіла іхняя, а веліч старых — сівізна.
30  Вы?тні і раны — лекавальная масьць ад ліхоты, і ўдары ў глыбіню нутра.