Разьдзел 14
Мудрая жонка будуе сабе дом, а неразумная руйнуе яго сваімі рукамі.
Хто ходзіць проста, той баіцца ГОСПАДА, а хто кры?віць шляхі свае, той грэбуе Ім.
У вуснах неразумнага дубец пыхлівасьці, а вусны мудрых захоўваюць іх.
Дзе няма скаціны, там ясьлі пустыя, але багата прыбытку ад сілы вала.
Сьведка праўдзівы ня схлусіць, а сьведка фальшывы дыхае няпраўдай.
Насьмешнік шукае мудрасьці, і яе няма, але веданьне лёгкае для разумнага.
Адыйдзі ад чалавека дурнога, бо ня знойдзеш вуснаў разумных.
Мудрасьць разумнага — разуменьне шляху свайго, а неразумнасьць дурняў — ашуканства.
Неразумныя сьмяюцца з віны, а пасярод правых — зычлівасьць.
10  Сэрца ведае горыч душы сваёй, і ў радасьць ягоную ня ўвойдзе чужынец.
11  Дом бязбожнікаў будзе зьнішчаны, а намёт правых закрасуе.
12  Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці.
13  І ў часе сьмеху баліць сэрца, і заканчэньне радасьці — смутак.
14  Падступны сэрцам насыціцца шляхамі сваімі, а добры чалавек — сваімі.
15  Неразумны верыць кожнаму слову, а разумны разважае пра крокі свае.
16  Мудры баіцца і адварочваецца ад зла, а дурны гняўлівы і самаўпэўнены.
17  Скоры на гнеў робіць дурасьць, а чалавек зламысны зьненавіджаны.
18  Неразумныя атрымліваюць у спадчыну дурасьць, а разумныя ўкарануюцца веданьнем.
19  Ліхія паклоняцца перад добрымі, а бязбожнікі — каля брамаў праведнікаў.
20  Бедны зьненавіджаны нават бліжнім сваім, але шмат тых, хто любіць багатага.
21  Хто цураецца бліжняга свайго, той грашыць, а хто літуецца над бедным, той шчасьлівы.
22  Ці ж не заблукалі тыя, якія задумляюць зло? Але міласэрнасьць і праўда будзе тым, якія задумляюць добрае.
23  З кожнае працы будзе прыбытак, а ад пустых словаў — толькі нястача.
24  Карона мудрых — багацьце іхняе, а вянок дурняў — глупства іхняе.
25  Сьведка праўдзівы ратуе душы, а хлусьлівы дыхае няпраўдай.
26  У страху перад ГОСПАДАМ моцная пэўнасьць, і для сыноў Сваіх Ён будзе прыстанішчам.
27  Страх ГОСПАДАЎ — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці.
28  У мностве народу веліч валадара, а ў малалікасьці людзей — загуба князя.
29  У павольнага на гнеў багата розуму, а запальчывы выяўляе дурасьць.
30  Лагоднае сэрца — жыцьцё для цела, а зайздрасьць — парахненьне косткам.
31  Хто прыгнятае ўбогага, той зьневажае Творцу ягонага, але шануе Яго той, хто літуецца над бедным.
32  Бязбожнік будзе адкінуты за ліхоцьце сваё, а праведнік і пры сьмерці сваёй мае надзею.
33  У сэрцы разумнага жыве мудрасьць, і паміж дурняў яна вядомая.
34  Праведнасьць узвышае народ, а грэх — ганьба для народаў.
35  Зычлівы валадар да слугі разумнага, але абурэньне ягонае на таго, хто асаромлівае яго.