Флп 4
Так што, браты мае ўлюбёныя і пажаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.
Эўводзію прашу і Сынтыхею прашу думаць гэтаксама ў Госпадзе.
Прашу і цябе, шчыры памочніку, дапамагай тым, якія змагаліся дзеля Эвангельля разам са мною, і з Клемэнтам, і з іншымі супрацоўнікамі маімі, імёны якіх у кнізе жыцьця.
Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе. Ізноў кажу: радуйцеся.
Спагаднасьць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка!
Не турбуйцеся ні пра што, але ў-ва ўсякай малітве і просьбе з падзякай няхай адкрываюцца жаданьні вашыя перад Богам,
і супакой Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Ісусе.
Нарэшце, браты, што ёсьць праўдзівае, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што вартае любові, што добрай славы, калі ёсьць якая цнота і якая пахвала, — пра тое думайце.
І чаго вы навучыліся, і што прынялі, і чулі, і бачылі ў-ва мне, тое рабіце, і Бог супакою будзе з вамі.
10  Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў ажывіліся, каб думаць пра мяне, як і раней думалі, ды ня мелі нагоды.
11  Ня дзеля таго, што я ў нястачы, кажу, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсьць.
12  Ведаю, як у паніжэньні быць, і ведаю, як у дастатку; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім: і насычацца, і галадаваць, мець і дастатак, і нястачу.
13  Усё магу ў Хрысьце, Які ўмацоўвае мяне.
14  Па-за гэтым, вы добра зрабілі, што ўдзельнічалі ў маім прыгнёце.
15  Вы ж ведаеце, Філіпяне, што на пачатку [абвяшчэньня] Эвангельля, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква не далучылася да мяне праз дораньне і прыняцьцё, акрамя вас адных.
16  Вы і ў Тэсалоніку і раз, і два пасылалі паводле патрэбы маёй.
17  Ня тое, каб я шукаў дару, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць.
18  Я маю ўсё і маю дастатак; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадыта тое, што ад вас, водар салодкі, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу.
19  А Бог мой няхай напоўніць усякую патрэбу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце Ісусе.
20  Богу ж і Айцу нашаму слава на вякі вякоў. Амэн.
21  Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною.
22  Вітаюць вас усе сьвятыя, а найбольш тыя, што з дому цэзара.
23  Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.