Мц 20
Бо Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека гаспадара дому, які выйшаў рана раніцаю наняць работнікаў у вінаграднік свой.
І, умовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
І, выйшаўшы каля трэцяе гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы.
І сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе справядліва, дам вам”. Яны пайшлі.
Зноў выйшаўшы каля шостае і дзявятае гадзіны, зрабіў гэтак сама.
А выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: “Чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы?”
Яны кажуць яму: “Ніхто нас не наняў”. Ён кажа ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік і, што будзе справядліва, атрымаеце”.
А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку наглядчыку свайму: “Пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых”.
І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, атрымалі па дынару.
10  А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны атрымаюць больш, але і яны атрымалі па дынару.
11  І, атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому,
12  кажучы: “Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цяжар дня і сьпёку”.
13  Ён жа, адказваючы, сказаў аднаму з іх: “Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці ж не за дынар ты ўмовіўся са мною?
14  Вазьмі сваё і ідзі. А я хачу даць гэтаму апошняму тое, што і табе.
15  Ці ж я не магу ў сваім рабіць, што хачу? Або вока тваё злоснае, што я добры?”
16  Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя — апошнімі, бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
17  І, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус дарогаю ўзяў дванаццаць вучняў Сваіх і сказаў ім:
18  «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на сьмерць,
19  і выдадуць Яго паганам на зьдзек, і бічаваньне, і ўкрыжаваньне; і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».
20  Тады падыйшла да Яго маці сыноў Зэбэдэя з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго.
21  Ён жа сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна кажа Яму: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі адзін праваруч Цябе, а другі — леваруч у Валадарстве Тваім».
22  А Ісус, адказваючы, сказаў: «Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я маю піць, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?» Яны кажуць Яму: «Можам».
23  І Ён кажа ім: «Сапраўды, келіх Мой будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца, а сесьці праваруч Мяне і леваруч Мяне не магу даць вам, але каму падрыхтавана Айцом Маім».
24  І пачуўшы гэта, дзесяцёра абурыліся на двух братоў.
25  А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі і магнаты маюць уладу над імі.
26  А ў вас ня гэтак мае быць, але хто хоча між вамі стацца большым, няхай будзе служыцелем вашым,
27  і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вашым слугою,
28  як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх».
29  І як выходзілі яны з Ерыхону, за Ім ішоў шматлікі натоўп.
30  І вось, два сьляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус праходзіць, закрычалі, кажучы: «Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!»
31  А натоўп сварыўся на іх, каб маўчалі; а яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: «Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!»
32  І, супыніўшыся, Ісус паклікаў іх і сказаў: «Чаго вы хочаце, каб Я зрабіў вам?»
33  Яны кажуць Яму: «Госпадзе! Каб адчыніліся вочы нашыя».
34  Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу сталі бачыць вочы іхнія, і яны пайшлі за Ім.