Дз 16
І прыйшоў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын аднае жанчыны Юдэйскае вернае і бацькі Грэка.
Пра яго сьведчылі браты ў Лістры і Іконіі.
Павал захацеў, каб ён пайшоў з ім, і, узяўшы яго, абрэзаў дзеля Юдэяў, якія былі ў тых месцах, бо ўсе ведалі бацьку ягонага, што быў Грэк.
Калі ж яны праходзілі праз гарады, перадавалі [цэрквам] захоўваць пастановы, вызначаныя апосталамі і старостамі ў Ерусаліме.
А цэрквы ўмацоўваліся ў веры і ўзрасталі штодня лікам.
Прайшоўшы ж праз Фрыгію і Галятыйскую краіну, забараніў ім Сьвяты Дух гаварыць слова ў Азіі.
Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісьці ў Бітынію; і не дазволіў ім Дух.
Дык абмінуўшы Мізію, яны зыйшлі ў Трааду.
І ўгледзеў Павал уначы відзеж: нейкі муж, Македонец, стаяў, просячы яго і кажучы: «Перайшоўшы ў Македонію, дапамажы нам».
10  Калі ж убачыў ён відзеж, мы адразу шукалі, каб ісьці ў Македонію, разумеючы, што Госпад паклікаў нас дабравесьціць ім.
11  Дык паплыўшы з Траады, мы наўпрост прыйшлі ў Саматракію, а на заўтра — у Нэапаль,
12  і адтуль — у Філіпы, што ёсьць першы горад тае часткі Македоніі, калёнія. І былі мы ў гэтым горадзе некалькі дзён.
13  І ў дзень суботы выйшлі мы за горад да рэчкі, дзе звычайна адбывалася малітва, і, пасеўшы, гаварылі да сабраных жанчынаў.
14  І слухала адна жанчына, на імя Лідзія, гандлярка пурпурам, з гораду Тыятыра, якая пакланялася Богу, і Госпад адчыніў сэрца ейнае, каб зважала на прамову Паўла.
15  А калі ахрысьцілася яна і дом ейны, яна прасіла, кажучы: «Калі вы лічыце мяне вернай Госпаду, увайшоўшы ў дом мой, жывіце». І затрымала нас.
16  Сталася ж, як ішлі мы на малітву, сустрэла нас нейкая служка, якая мела духа вешчага і, варожачы, вялікі заробак давала гаспадарам сваім.
17  Яна, ідучы за Паўлам і намі, крычала, кажучы: «Людзі гэтыя — слугі Бога Найвышэйшага, якія прапаведуюць нам шлях збаўленьня!»
18  А рабіла яна гэта шмат дзён. Павал жа, узлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста выйсьці з яе!» І ён выйшаў у той жа час.
19  А гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея заробку іхняга, схапіўшы Паўла і Сілу, пацягнулі на рынак да начальнікаў.
20  І прывёўшы іх да войтаў, сказалі: «Гэтыя людзі трывожаць наш горад, а яны — Юдэі,
21  і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня сьлед ані прыймаць, ані рабіць».
22  І паўстаў натоўп супраць іх, і войты, сарваўшы з іх адзеньне, загадалі біць іх кіямі.
23  І зрабіўшы ім шмат ранаў, кінулі іх у вязьніцу, загадаўшы ахоўніку старанна пільнаваць іх.
24  Ён, атрымаўшы гэткі загад, кінуў іх ва ўнутраную вязьніцу і ногі іхнія паўшчамляў у калоду.
25  Каля паўночы Павал і Сіла, молячыся, сьпявалі Богу, а вязьні чулі іх.
26  Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захісталіся падмуркі вязьніцы; і адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і ў-ва ўсіх паслаблі путы.
27  Ахоўнік жа, прачнуўшыся і бачачы адчыненыя дзьверы вязьніцы, дастаўшы меч, меўся забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.
28  А Павал закрычаў моцным голасам, кажучы: «Не рабі сабе ніякага ліха, бо ўсе мы тут!»
29  Ён жа, папрасіўшы сьвятла, убег і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілаю,
30  і, выводзячы іх вонкі, сказаў: «Панове, што я мушу рабіць, каб быць збаўленым?»
31  А яны сказалі: «Вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой».
32  І гаварылі слова Госпадава яму і ўсім, хто ў доме ягоным.
33  І ў тую ж гадзіну ўначы ён, узяўшы іх, памыў ім раны, і адразу быў ахрышчаны сам і ўсе ягоныя.
34  І завёўшы іх у дом свой, паставіў стол і радаваўся з усім домам, што паверыў у Бога.
35  А як настаў дзень, паслалі войты жандараў, кажучы: «Вызваль людзей гэтых».
36  Ахоўнік жа паведаміў словы гэтыя Паўлу: «Войты паслалі, каб цяпер вызваліць вас. Дык, выйшаўшы, ідзіце ў супакоі».
37  А Павал прамовіў да іх: «Нас, людзей Рымскіх, без суду зьбіўшы прынародна, кінулі ў вязьніцу, і цяпер цішком выганяюць нас? О, не! Але няхай самі, прыйшоўшы, вывядуць нас».
38  Жандары абвясьцілі словы гэтыя войтам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны —Рымляне.
39  І, прыйшоўшы, перапрашалі іх, і, вывеўшы, прасілі пайсьці з гораду.
40  Выйшаўшы ж з вязьніцы, яны прыйшлі да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, суцяшалі іх, і пайшлі.