Ёў 35
І гаварыў далей Эліуй і сказаў:
ці лічыш ты справядлівым, што сказаў: «я праўдзівейшы за Бога»?
Ты сказаў: «якая карысьць мне? і які прыбытак я меў бы перад тым, як калі б я і грашыў?»
Я адкажу табе і тваім сябрам з табою:
зірні на неба і глядзі; падзівіся на воблакі, яны вышэй за цябе.
Калі ты грэшыш, што робіш ты Яму? і калі злачынствы твае памнажаюцца, што прычыняеш ты Яму?
Калі ты справядлівы, што робіш Яму? альбо што атрымлівае Ён з рукі тваёй?
Бязбожнасьць твая ў чалавеку, як ты, і справядлівасьць твая ў сыне чалавечым.
Ад мноства прыгнятальнікаў стогнуць прыгнечаныя і ад рукі моцных лямантуюць;
10 але ніхто ня кажа: дзе Бог, творца мой, Які дае песьні ўначы,
11 Які вучыць нас больш, чым жывёл зямных, і настаўляе на розум нас болей, чым птушак нябесных?
12 Там яны лямантуюць, і Ён не адказвае ім, з прычыны гонару ліхіх людзей.
13 Але няпраўда, што Бог ня чуе і Ўсеўладны не глядзіць на гэта.
14 Хоць ты сказаў, што ты ня бачыш Яго, але суд прад Ім, - чакай яго.
15 А сёньня, таму што гнеў Ягоны не наведаў яго і ён не спазнаў яго ва ўсёй строгасьці,
16 Ёў і адкрыў лёгкадумна вусны свае і безразважна раскідае словы.