Іс 25
Госпадзе! Ты Бог мой; услаўлю Цябе, усхвалю імя Тваё, бо Ты зьдзейсьніў дзівоснае; вызначэньні даўнія - у ісьціне, амін.
Ты ператварыў горад у груду каменьня, цьвёрдую крэпасьць у крушню; харомаў іншапляменцаў ня стала ўжо ў горадзе; вавек ня будзе ён адбудаваны.
Таму будуць славіць Цябе народы моцныя; гарады жорсткіх плямёнаў будуць баяцца Цябе;
бо ты быў прытулкам беднаму, прытулкам убогаму падчас ягонага ўціску, абаронаю ад буры, ценем ад сьпёкі; бо гнеўнае дыханьне тыранаў было падобнае на буру супроць сьцяны.
Як сьпёка ў мясьціне бязводнай, Ты ўтаймаваў буянасьць ворагаў; як сьпёка ценем воблака, сунята радасьць прыгнятальнікаў.
І зробіць Гасподзь Саваоф на гары гэтай усім народам гасьціну з сытнай ежы, гасьціну з чыстых вінаў, з тлушчу костнага і з самых чыстых вінаў;
і зьнішчыць на гары гэтай заслону, што закрывае ўсе народы, заслону, якая ляжыць на ўсіх плямёнах.
Зьнішчана будзе сьмерць навекі, і вытра Гасподзь Бог сьлёзы з усіх твараў, і здыме ганьбу з народу Свайго на ўсёй зямлі; бо так кажа Гасподзь.
І скажуць таго дня: вось Ён, Бог наш! на Яго мы спадзяваліся, і Ён выратаваў нас! Гэты ёсьць Гасподзь; на Яго спадзяваліся мы; парадуемся і ўзьвесялімся з выратаваньня Яго!
10 Бо рука Госпада спачывае на гары гэтай, і Мааў будзе патаптаны на месцы сваім, як топчацца салома ў гнаішчы.
11 І хоць ён узьнясе сярод яго рукі свае, як плывец узносіць іх, каб плысьці; але Бог прынізіць гардзею ягоную разам з падступнасьцю рук ягоных.
12 І цьвярдыню высокіх муроў тваіх разваліць, аберне, долу кінел, у пыл.